“Родная Еўропа”: літаратурная геаграфія
сучаснай беларускай, літоўскай, польскай, украінскай культуры
У межах нашага курсу мы:
– разгледзім канцэпцыю Цэнтальнай і Ўсходняй Еўропы як літаратурную праблему;
– прааналізуем, як топавыя ідэалогіі сучаснасці (анархізм, нацыяналізм, глабалізм, мультыкультуралізм, рэгіяналізм, фемінізм, экалагічнае мысленне і інш.) увасабляюцца ў беларускай, а таксама літоўскай, польскай, украінскай літаратурах;
– прасочым шматмоўнасць і шматкультурнасць гэтых літаратур ад часоў ВКЛ да нашых дзён;
– даследуем канцэпты “генія месца” і урбанізму ад Ракава да Кракава, зірнем на літаратурныя вобразы гарадоў-“палімпсестаў”;
– прыгледзімся да культуры памежжа і феномену “літаратурнай кантрабанды”;
– пабачым, як уласцівыя для нашай культуры старыя міфы адгукаюцца ў сучаснай літаратурнай міфатворчасці;
– бліжэй пазнаёмімся з творчасцю Вольгі Такарчук і Дароты Маслоўскай, Томаса Венцлавы і Маруса Івашкявічуса, Юрыя Андруховіча, Аксана Забужкі і Сяргія Жадана, Святланы Алексіевіч, Альгерда Бахарэвіча, Вальжыны Морт ды іншых найлепшых пісьменніц і пісьменнікаў сваіх краін і моваў.
Праслухаўшы курс, студэнты пачнуць больш упэўнена арыентавацца ў актуальнай літаратурнай сітуацыі Беларусі і краін-суседак; атрымаюць спіс неабавязковай, але абсалютна неабходнай сённяшняму гуманітарыю літаратуры; навучацца ўспрымаць літаратурныя творы ў культурным кантэксце, з разуменнем таго, як працуюць ідэі і ўзаемадзейнічаюць словы; “прадэгустуюць” розныя стылі і жанры сучаснага пісьменства.
Курс чытаюць дасведчаныя практыкі сучаснай літаратуры Андрэй Хадановіч і Марыя Мартысевіч – паэты, перакладчыкі і літаратуразнаўцы. Навучанне таксама прадугледжвае сустрэчы з запрошанымі на заняткі пісьменнікамі-віленчукамі і гасцямі Вільні з розных краін.
НАШЫЯ ВЫКЛАДЧЫКІ
Андрэй Хадановіч – паэт, перакладчык паэзіі, літаратуразнаўца, эсэіст. Аўтар дзесяці “дарослых” зборнікаў паэзіі і адной кнігі для дзяцей. Перакладае з французскай, ангельскай, польскай, рускай, украінскай. Вершы Хадановіча перакладзеныя на 20 моваў і выходзілі кнігамі ў Польшчы, Украіне, Швецыі.
Лаўрэат шматлікіх узнагародаў, сярод якіх “Крышталь Віленіцы” (Славенія), прэмія Польскага ПЭН-клуба, прэмія імя Ежы Гедройця газеты “Rzeczpospolita” (Польшча), а таксама “Кніга году” за зборнік вершаў для дзяцей “Нататкі таткі”, прэмія імя Карласа Шэрмана за пераклады Шарля Бадлера, прэмія імя Наталлі Арсенневай за кнігу вершаў “Школа травы”.
Сябра Беларускага ПЭН-цэнтра і Саюза беларускіх пісьменнікаў.
Пераклаў і запісаў па-беларуску альбом Яцка Качмарскага “Муры”. Загалоўная песьня зрабілася гімнам беларускіх пратэстаў 2020 г.
Да 2021 года выкладаў літаратуру на філфаку БДУ. З вясны 2021 года выкладае літаратуру на аўтарскім ютуб-канале.
Марыя Мартысевіч – паэтка, перакладчыца, публіцыстка, арганізатарка культурных праектаў.
Культаглядальніца газеты “Новы час”. Фіналістка конкурсаў маладых літаратараў Беларускага ПЭН-цэнтру: імя Франчэска Петраркі (2004) і імя Уладзіміра Караткевіча (2005). Стыпендыятка Homines Urbani (Польшча, Кракаў, Villa Decius, 2007) і International Writing Program (Універсітэт Аёвы, Аёва-Сіці, ЗША). Лаўрэатка прэміі “Вольнае слова” за найлепшы літаратурны нарыс (2011 г.), прэміі часопіса “ПрайдзіСвет” (2012), прэміі “Belarus in Focus” (2013 г.), пераможца конкурсу на найлепшы пераклад паэзіі Віславы Шымборскай на беларускую мову (фундацыя “Za wolność naszą i waszą”, Кракаў, Польшча, 2015 г.), лаурэатка Прэміі Наталлі Арсенневай і Прэміі “Кніга году” за паэму “Сарматыя”, а таксама Стыпендыю Магдалены Радзівіл ад Саюзу беларускіх псьменнікаў (2019).
Перакладае паэзію і прозу з англійскай, польскай, рускай, украінскай, чэшскай моваў.
Аўтарка кніг “Цмокі лятуць на нераст: эсэ ў вершах і прозе” (2008), “Амбасада: эсэ ў вершах і прозе” (2011), “Сарматыя” (2018), “Водападзел” (2022). Яе творы перакладаліся на англійскую, літоўскую, нямецкую, рускую, славацкую, украінскую, шведскую мовы.