Шаноўныя студэнты!
Запрашаем вас на бясплатныя курсы ад Цэнтра беларускіх і рэгіянальных даследаванняў Дэпартамента гуманітарных навук і мастацтваў ЕГУ.
- Інтэлектуальная гісторыя Беларусі: постаці, ідэі, тэксты, ч.1 (выкладчыкі: Дзяніс Лісейчыкаў, Валер Булгакаў), 12 ECTS
Ці магчыма разумець гісторыю, не памятаючы датаў? Адкуль гісторыкі ведаюць, як было на самой справе? Ці заўсёды перапісваюць гісторыю? І як гэта робіцца? Літвіны ці русіны? Як і калі з'явіліся Беларусь і беларусы? Чаму паўстанцы прайгралі ў 1830-31 і 1863-64? Чаму беларусы гавораць па-руску? "Вокны магчымасцяў", тэрор, рэпрэсіі, "узброены супраціў". Гістарычная памяць і гістарычная палітыка - ці можна кіраваць мінулым? Аб гэтым, а таксама пра Слуцкія паясы, гісторыю эпідэмій і штодзённае жыццё, пра навуковыя штудыі і падарожныя нататкі і многае іншае пагаворым на курсе "Інтэлектуальная гісторыя Беларусі: постаці, ідэі, тэксты".
- Беларускае пісьменства ў кантэксце сусветнай культуры: літаратура, мова, пераклад, ч.1. (выкладчыкі: Марына Шода, Андрэй Хадановіч) 12 ECTS
Ці можна за 60 гадзінаў вывучыць літаратуру? Вядома ж, не. Але можна пракласці надзейныя і цікавыя маршруты на карце сусветнай культуры, каб не заблукаць. А заблукаеце ў тэксце – вам жа лепей, асалода гарантаваная. Можна разбурыць стэрэатыпныя перагародкі між “беларускай”, “замежнай” і г.д. літаратурамі, бо літаратура – яна адна, а мова – толькі месца яе сустрэчы з чытачамі. Можна навучыцца бачыць у перакладчыку суаўтара. І нават самому зрабіцца суаўтарам кнігі, бо кожны прачытаны твор жыве ў вас, і другога такога ў сусвеце больш няма. Як казаў перад стартам Адам Міцкевіч: “Паехалі!”
Курсы арганізаваныя для студэнтаў пастаяннай (вочнай) формы навучання і пастаяннай сесійнай (завочнай) формы навучання.
Курсы для студэнтаў пастаяннай формы будуць праходзіць у аўдыторыях модулямі (1 модуль = 1 тыдзень па 2 гадзіны штодня з 16.50, 6 модуляў за семестр).
Курсы для студэнтаў пастаяннай сесійнай формы будуць праходзіць анлайн (працоўныя дні, 2 разы на тыдзень на працягу семестра).
Форма для рэгістрацыі: https://forms.gle/Dny78f7jDMRmgize7
Заяўкі прымаюцца да 9 кастрычніка.
Пасля паспяховага заканчэння курса вам будзе выдадзены сертыфікат.
Цэнтр беларускіх і рэгіянальных даследаванняў
+370 2639650