У сераду, 20 лютага а 10 гадзіне ў Беларускім Доме правоў чалавека ім. Б.Звозскава (вул. Латака 3, Вільня) адбудзецца прэзентацыя дакладу міжнароднай місіі Дамоў правоў чалавека, якая наведала Крым.
20 лютага 2019 года спаўняецца пяць гадоў ад пачатку ўзброенай агрэсіі Расійскай Федэрацыі ва Украіне. Менавіта 20 лютага 2014 года, у дзень самага вялікага кровапраліцця на Еўрамайдане ў Кіеве, расійскія войскі пачалі акупацыю Крыма. На паўвостраве з'явіліся грузавікі без нумароў і ўзброеныя вайскоўцы РФ без апазнавальных знакаў.
За пяць гадоў акупацыі Крым ператварыўся ў «шэрую зону» - тэрыторыю, да якой не могуць атрымаць доступ міжнародныя арганізацыі з мандатам па абароне правоў чалавека (ААН, АБСЕ, Савет Еўропы). Генеральная Асамблея ААН прыняла некалькі рэзалюцый з заклікам да належнага і бесперашкоднага доступу на акупаваны паўвостраў, але з году ў год «сцяна» вакол Крыма становіцца ўсё вышэй.
У сувязі з вострай неабходнасцю міжнароднай прысутнасці ў Крыме ў верасні 2018 года місія з прадстаўнікоў трох Дамоў правоў чалавека - Азербайджана, Беларусі і Украіны - наведала акупаваны паўвостраў і змагла сабраць інфармацыю пра сітуацыю з правамі чалавека ад саміх крымчан. У фокусе ўвагі місіі былі праблемы свабоды выказвання меркавання, свабоды сходаў і асацыяцый, а таксама становішча праваабаронцаў. У ходзе прэзентацыі будзе прадстаўлена справаздача місіі і абмеркавана сітуацыя з правамі чалавека ў Крыме.
Удзельнікі:
- Таццяна Пячончык, кіраўнік Цэнтра інфармацыі па правах чалавека (Украіна)
- Кірыл Якімаў, член місіі ў Крыме, прадстаўнік Адукацыйнага Дома правоў чалавека (Чарнігаў, Украіна);
- Алег Мацкевіч, член місіі ў Крыме, прадстаўнік Беларускага Дома правоў чалавека імя Б.Звозскава;
- Мэцью Джоунс, супрацоўнік па міжнароднай адвакацыі Фонда Дамоў правоў чалавека (Жэнева)
Мадэратар - Таццяна Равяка, член місіі ў Крыме, прадстаўнік Беларускага Дома правоў чалавека імя Б.Звозскава;
Да ўдзелу ў прэзентацыі запрашаюцца прадстаўнікі СМІ, няўрадавых арганізацый, дыпламатычных прадстаўніцтваў і міжнародных арганізацый.
Мовы мерапрыемства: руская, з сінхронным перакладам на англійскую.
Пацвердзіць свой удзел і атрымаць дадатковую інфармацыю можна па эл. пошце: events.belarus@humanrightshouse.org