Рады паведаміць вынікі конкурсу, мэтай якога быў пошук адпаведнікаў слову Wi-Fi, які завяршыўся 30 красавіка. 4 траўня былі абвешчаныя пераможцы.
З 20 заяваў-прапановаў журы ў складзе 28 чалавек (паэты, перакладнікі, пісьменьнікі, лінгвісты, гісторыкі, пэдагогі Беларусі і дыяспары) выбралі найлепшыя варыянты. Гэтым разам пераможцамі конкурсу сталі адразу два словы і тры заяўнікі, якія набралі роўную колькасьць галасоў журы: "хуткахваля" (студэнтка праграмы права Кацярына Шафрановіч) і "злуч" (супрацоўнкіі ЭГУ Аліна Яблонская і Максімас Мілта). Трэцюю пазыцыю заняло слова "абсяжнік" (студэнт праграмы "Сусьветная палітыка і эканоміка" Васіль Шэлехаў).
Такім парадкам, віншуем пераможцаў Кацярыну Шафрановіч, Аліну Яблонскую і Максімаса Мілта з перамогай і цікавымі, удалымі новатворамі! Пераможцаў чакаюць сымбалічныя прызы (кніга). Мы рады, што і 500 год счакаўшы пасьля таго як Францыск Скарына надрукаваў першую кнігу па-беларуску, працягваецца пошук лепшых і новых словаў, задзейнічваецца геній мовы.
З удзячнасьцю і замілаваньнем,
Дэпартамэнт сацыяльных і палітычных навук
Социальные сети